Вывучаем родную мову разам.

Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, традыцый і гістарычнага мінулага нашай Радзімы. З боку дзяржавы гэтаму пытанню таксама надаецца вялікая ўвага.

Маўленчае развіцце дашкольнікаў у Беларусі адбываецца ў сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя (білінгвізму). Для большасці дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з акружаючымі іх людзьмі, з’яўляецца руская мова, а беларуская выступае для іх як другая.

Дзеці дашкольнага ўзрасту мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы.

У сувязі з гэтым, сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадскасці, любоў да Радзімы.

Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць. Важна, каб дзеці ведалі і шанавалі гісторыю сваіх продкаў, родную прыроду. Адказнасць за гэта ляжыць на нас – педагогах і бацьках. І пачынаць работу трэба з выхавання ў самых маленькіх любові ў першую чаргу да роднай мовы. Вялікае значэнне тут мае асабісты прыклад дарослых. Трэба ўвесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, навучыць адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць. Ступень авалодання як роднай, так і другой мовай у дзіцячым узросце ў многім залежыць ад таго, наколькі поўна і правільна дзіця засвоіла іх на пачуццёвым узроўні. Пачуццё роднай мовы набываецца ў працэсе штодзённых зносін з іншымі людзьмі.

Мы павінны імкнуцца да таго, каб маўленне нашых дзяцей вызначалася не толькі сваёй правільнасцю, але і выразнасцю. Пачынаючы работу па навучанню выхаванцаў беларускай мове, нам, неабходна перш за ўсё самім добра валодаць роднай мовай.

У сувязі з гэтым, мова як педагогаў, так і бацькоў, павінна быць адной з асноўных крынiц развiцця мовы дзяцей дашкольнага ўзросту, узорам для моўнага выказвання дзяцей.

Мэтай заняткаў з дзецьмі гэтых груп з’яўляецца фарміраване ў дзяцей слоўніка, граматычнага ладу маўлення, гукавой культуры і звязнага маўлення (дыялагічнага і маналагічнага) як сродка зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. На гэтых занятках  мы актыўна выкарыстоўваем дыдактычныя  гульні, малыя формы фальклору, беларускія народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі, чыста і скорагаворкі. Вучым слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на пытанні па змесце вершаў, карцін і апісанні цацак. Садзейнічаць стварэнню выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні (пры пераказе казак, складанні апавяданняў з асабістага вопыту).

Азнаямленне з гісторыяй, культурай Беларусі дазваляе паказаць адметнасць беларускай зямлі, побыт яе жыхароў мінулых стагоддзяў, растлумачыць, адкуль пайшлі беларусы, расказаць пра выхаванне імі дзяцей, што ў вялікай меры садзейнічае станаўленню беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту, расшырае іх пазнавальны інтарэс.

Для дзяцей, якія жывуць у рускамоўным бытавым асяроддзі, менавіта гульні з іх разнастайнымі сітуацыямі, сімвалічнымі дзеяннямі ствараюць асаблівую патрэбу ў беларускай мове.

Праз гульню ў тэатр дзеці таксама вучацца мове. Падрыхтоўка тэатралізаванай сцэнкі дае магчымасць вучыць дзяцей прыгожа, гучна вымаўляць словы на роднай мове, адчуваць рытм, музыку беларускага маўлення.

Матэрыялам для вывучэння фанетыкі, лексікі, граматыкі беларускай мовы могуць служыць маленькія вершаваныя формы, фальклорныя паэтычныя творы.

Па форме яны яскравыя, дасціпныя, забаўныя, падабаюцца дзецям, лёгка запамінаюцца, актыўна ўжываюцца ў гульнях. Гарантуюць станоўчую матывацыю засваення беларускай мовы, садзейнічаюць павышэнню дзіцячай самаацэнкі.

Важнай часткай работы у гэтым накірунку з′яўляецца ўзаемадзеянне з Вамі паважаныя бацькі, бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да яе, да таго месца, дзе ён нарадзіўся.

Нельга вывучыць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лёгка. А для гэтага нам усім неабходна спалучаць разнастайныя формы работы, якія б не прымушалі дзіця “завучыць”, а падштурхнулі да свядомага жадання запомніць новае слова, яскравы паэтычны радок, падзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі.

Паважаныя бацькі! Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць дзяцей добрымі, разумнымі, дапытлівымі, церпялівымі і ўважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што яно вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.