БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ ЯК СРОДАК ФІЗІЧНАГА ВЫХАВАННЯ. МЕТОДЫКА НАВУЧАННЯ І ПРАВЯДЗЕННЯ БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ГУЛЬНЯЎ

Фізічная культура займае вядучае месца ў выхаванні дзяцей. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд, калі дзіця хутка расце і развіваецца, і таму вельмі важна дапамагчы яму навучыцца правільна ўспрымаць знешні свет. Задача  ўстановы дашкольнай адукацыі – забяспечыць усебаковае развіццё і выхаванне дзяцей. Выкананне яе здзяйсняецца рознымі сродкамі, сярод якіх важнае месца належыць гульне.

Беларускія народныя гульні – адзін з самых старажытных і арыгінальных сродкаў выхавання. Яны прыйшлі да нас з глыбінь стагодзяў, перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяродзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Як правіла, беларускія народныя гульні – рухомыя.

Беларускія народныя гульні садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя, развіццю сілы, спрытнасці, назіральнасці, кемлівасці, удумлівасці, вытрымцы, пачуцця калектывізму, клопату пра іншых, любові да роднага краю, выхаванню пачуцця справядлівасці.

Больш эфектыўнаму комплекснаму  рашэнню аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач  спрыяе атмасфера радасці , якая ўзнікае пры правядзенні рухомых гульняў. Актыўныя рухі, абумоўленныя зместам гульні, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і павялічваюць фізічныя працэсы.  Важную ролю ў набыцці дзіцём жыццёвага вопыту адыгрываюць праяўляюшчыяся ў рухомых гульнях фізічныя якасці: хуткасць рэакцыі, спрытнасць, вокамер, раўнавага, навыкі арыентацыі ў прасторы.

Большасць беларускіх рухомых гульняў патрабуюць шмат фізічнай энергіі, спрытнасці, кемлівасці, у выніку чаго дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку, загартоўку. Вясковыя дзеці ўжо ў падлеткавым узросце былі фізічна моцнымі і вынослівымі і маглі выконваць працу ў полі і па гаспадарцы, якая патрабавала шмат сіл.

Раней ўсе народныя гульні праводзіліся на вуліцы. І зараз яны не патрабуюць спецыяльных умоў і абсталявання. Гэта забяспечвае іх арганізацыю на свежым паветры, прычым сезоннасць беларускіх гульняў дазваляе праводзіць іх на працягу ўсяго года.

Методыка навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускім рухавым гульням мае свае спецыфічныя асаблівасці ў залежнасці ад узросту дзяцей:

O    падбіраючы гульню неабходна звярнуцца да   Вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, у якой спіс гульняў складзены з улікам агульнай рухавай падрыхтоўкі дзяцей пэўнага ўзросту і накіраваны на вырашэнне пэўных вучэбна-выхаваўчых задач. Пры правядзенні рухавых гульняў важна ўлічваць пару года і надвор’е. Рухавы змест гульняў павінен адпавядаць умовам іх правядзення.

O выбар гульні вызначае яе месца ў рэжыме дня. На первай прагулцы мэтанакіраваны гульні больш дынамічныя, на другой – гульні розныя па рухавай характырыстыцы. Да пачатку гульні трэба зрабіць разметку пляцоўкі,  падрыхтаваць патрэбнае абсталяванне і атрыбутыку.

O збор дзяцей на гульню неабходна праводзіць у тым месцы пляцоўкі, адкуль будуць пачынацца гульнявыя дзеянні. Збор павінен праходзіць хутка і цікава, таму трэба прадумаць прыёмы і пастаянна іх змяняць. Асабліва важна выклікаць цікавасць да гульні ў самым пачатку. Вялікі эфект дае абыгрыванне атрыбутаў.

O  тлумачэнне правілаў гульні павінна быць кароткім, зразумелым, эмацыянальным, цікавым.

Выбар гульні залежыць ад педагагічнай задачы, стану здароўя, падрыхтоўкі дзяцей.

Алгарытм правядзення гульні наступны:

—  педагог расказвае змест гульні, паказвае, як трэба выконваць тыя ці іншыя дзеянні,  пры дапамозе пытанняў паўтарае з дзецьмі правіла, каб пераканацца, што ўсе зразумелі. Для малых дзяцей няма папярэдняга тлумачэння гульні. Яно вядзецца паэтапна, у ходзе гульнявых дзеянняў. У сярэдняй і старэйшай групах папярэдняе тлумачэнне адбываецца з улікам узроставых псіхалагічных магчымасцей дзяцей. Гэта вучыць іх планаваць свае дзеянні. Вельмі важнай з’яўляецца паслядоўнасць тлумачэння:

—          назва гульні і яе задумы;

—          кароткі змест;

—          правілы;

—          напамін рухаў (пры неабходнасці);

—          раздача роляў;

—          раздача атрыбутаў;

—          размеркаванне гуляючых па пляцоўцы;

—          пачатак гульнявых дзеянняў.

Калі мы пачнем тлумачэнне гульні з назначэння дзяцей на галоўныя ролі або з раздачы атрыбутаў, спадзе ўвага да інструкцый, пачнецца збой гульнявых дзеянняў.

Калі ў гульні  ёсць  словы, то спецыяльна разучваць іх не трэба – дзеці запамінаюць іх падчас гульні. Калі яна знаёмая, тады з дапамогай пытанняў удакладняюцца пэўныя моманты.

Калі гульня праводзіцца з дзецьмі  першай малодшай групы,  то педагог сам прымае ў ёй удзел: выконвае як галоўную, так і другародную ролю. Трохгадовым дзеткам  ужо можна даручыць выкананне галоўнай ролі. У  сярэдняй і старэйшай групах кіраўніцтва апасродкаванае: кіраўнік можа прымаць удзел у гульни, кали яна новая або па ўмовах  гульні не хапае пары.

Вельмі важна, каб у момант гульні педагог бачыў дзеянне кожнага дзіцяці. Сваім дзейсным удзелам ён падтрымлівае ў дзяцей бадзёры, радасны настрой, заахвочвае праяўленне рашучасці, знаходлівасці, смеласці, стрымлівае празмерна актыўных дзяцей, падбадзёрвае тых, хто адстае, папярэджвае магчымыя выпадкі надабразычлівасці. Для стымуляцыі гульні педагог можа прыняць у ёй удзел як звычайны гулец, строга выконваючы правілы. У рэдкіх выпадках кіраўнік можа ўзяць на сябе выкананне адказнай ролі і паказаць, як трэба выконваць дзеянні, або калі неабходна надаць гульні жывасць, эмацыянальнасць.

Падвядзенне вынікаў гульні таксама важны момант:

—     у першай малодшай групе вынік павінен быць аптымістычным, кароткім і канкрэтным.  Дзяцей абавязкова трэба пахваліць.

—       у другой малодшай, сярэдняй і старэйшай групах  адзначаюць  тых, хто правільна выконваў рухі, праяўляў хуткасць, спрытнасць. Неабходна называць і тых дзяцей,  якія парушалі правілы, памылкова выконвалі рухі.  Пры гэтым нельга забываць, што заўвагі трэба рабіць карэктна і ў дабразычлівай форме. Да абмеркавання правядзення гульні  далучаюцца ўсе дзеці. Гэта прывучае іх да аналізу сваіх учынкаў, садзейнічае больш добраму выкананню правілаў гульні і рухаў.

Каб павялічыць эфектыўнасць рухавых гульняў можна выкарыстоўваць розныя спосабы:

—          выбраць 2-3 вядучых;

—          павялічыць працягласць інтэнсіўных рухаў у гульнях з ухіленнем, адлегласць для бегу ў гульнях з перабежкамі;

—          змяніць сігнал;

—          увесці “выручалачкі”;

—          ускладніць правіла і г.д.

Беларускія народныя гульні трэба шырока выкарыстоўваць пры правядзенні  спартыўных святаў. Пры гэтым яны могуць стаць асноўным матэрыялам для іх правядзення.

Фізічная актыўнасць у спалучэнні з фальклорам далучае дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры і арганічна ўключаецца  ва ўсе мерапрыемствы па аздараўленні дзяцей установы дашкольнай адукацыі. Асабліва трэба адзначыць народныя святы: Каляды, Масленіца, Купалле, “Кірмашы”, якія немагчыма ўявіць без  гульняў, забаў, народных танцаў. Займальнасць,  гульні, вобразнае слова робяць іх яркімі, запамінальнымі, ствараюць бадзёры, радасны настрой у дзяцей, выклікаюць цікавасць і жаданне выкарыстоўваць гульні ў самастойнай гульнявой дзейнасці.

Кіраўнік фізічнага выхавання павінен больш шырока выкарыстоўваць і знаёміць дзяцей з беларускімі народнымі гульнямі. Пры гэтым неабходна ўлічваць індывідуальныя  магчымасці дзяцей. Каб  зрабіць беларускія народныя гульні даступным сродкам выхавання дзяцей,  неабходна  выкарыстоўваць дыферынцыраваны падыход :  фізічна слабых з некаторай затрымкай рухальнага развіцця  неабходна ўцягваць у даступныя ім гульні, ускладняючы іх змест паступова. Больш падрыхтаваным дзецям трэба прапаноўваць складаныя гульні.

Выкарыстанне беларускіх народных гульняў дапаможа вырасціць дзяцей здаровымі, сумленнымі людзьмі, якія будуць шанаваць народныя традыцыі і імкнуцца глыбока пазнаць спадчыну сваіх продкаў.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.