Любімы ілюстратар дзіцячых кніг

22 студзеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння вядомай нам з дзяцінства мастачкі Алены Георгіеўны Лось. “Пружанскаму палацыку” ёсць чым ганарыццау фондах музея захоўваецца асобная калекцыя карцін і кніг творцы, якя налічвае 64 адзінкі.

Алена Лось нарадзілася ў 1933 г. у Вільні. А вось дзяцінства і юнацтва прайшло на Пружаншчыне. Усё сваё жыццё мастачка цікавілася беларускай народнай творчасцю, занатоўвала ўзоры беларускіх вышывак і ткацтва. У сваіх кнігах яна актыўна выкарыстоўвала матывы народнай арнаментыкі.

Амаль уся кніжная графіка А. Лось была адрасавана дзецям. Народнае ўспрыманне свету арганічна спалучаецца ў малюнках мастачкі з дзіцячым успрыманнем. У казачных персанажах, паказаных Аленай Лось, уражанні ад рэальнай беларускай прыроды падаюцца ў пераапрацаваным выглядзе. Людзі, птушкі, звяры, якія дзейнічаюць у казках, набываюць у мастачкі асаблівую выразнасць таму, што яна надае ім рух і звычкі, падгледжаныя ў рэчаіснасці.

Цікава, што ў малюнках Алены Лось дзеці заўсёды паказаны сярод прыроды. Здзіўляе назіральнасць мастачкі, калі яна ў пейзажны фон дадавала тую расліннасць, якая найбольш прыгожая ў дадзеную пару года. І танальнасць колеру ў гравюрах гарманіруе з колерам кожнай пары года.

Вельмі любіла Алена Лось маляваць і палявыя кветкі. Цікава, што букеты яна малявала толькі на фоне пейзажу. Мастачка сцвярджала, што кветкі, сарваныя і перанесеныя ў чужое для іх асяроддзе, страчваюць сваю прыгажосць.

З работамі Алены Лось можна пазнаёміцца ў палацыку, наведаўшы выставу “І казка ажывае…”.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.